fbpx
Ці можа прызнавацца беларускі ЭЛП у ЕС

Ці можа прызнавацца беларускі ЭЛП у ЕС

10 верасня прайшоў галіновы семінар-канферэнцыя «Экспарт у ЕС», арганізатарам якога выступіла Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь. Удзел у мерапрыемстве прынялі супрацоўнікі НЦЭП.

Падчас семінара-канферэнцыі абмяркоўваліся праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць пры арганізацыі паставак тавараў у Еўрасаюз (у тым ліку роля тарыфных і нетарыфных абмежаванняў), шляхі іх вырашэння і перспектывы экспарту ў ЕС.

Асобную ўвагу на мерапрыемстве надалі абмеркаванню магчымасці прызнання ў ЕС электроннага лічбавага подпісу (ЭЛП) Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў працэдурах электронных тэндэраў краін Еўрасаюза. Растлумачыў сітуацыю намеснік начальніка рэспубліканскага цэнтра НЦЭП Дзмітрый Маскалёў.

Спікер падкрэсліў, што гэта пытанне магчыма вырашыць, калі Рэспубліка Беларусь заключыць з ЕС пагадненне аб узаемным прызнанні сертыфікатаў адкрытага ключа ЭЛП, далучыўшыся да рэгламенту (EU) № 910/2014 Еўрапейскага Парламенту і Савета ад 23 ліпеня 2014 года “Аб электроннай ідэнтыфікацыі і траставых паслугах для электронных аперацый на ўнутраным рынку” (eIDAS). Рэгламент eIDAS забяспечвае магчымасць прымянення нацыянальных электронных сродкаў ідэнтыфікацыі для доступу да дзяржаўных паслуг краін ЕС, а таксама фармуе адзіны ўнутраны рынак такіх сродкаў (электронныя подпісы, электронныя пячаткі, электронныя дакументы, паслугі па электроннай рэгістрацыі і сертыфікацыі інтэрнэт-сайтаў) з гарантыяй таго, што яны будуць эфектыўныя ўнутры ЕС і прыводзіць да тых жа прававых наступстваў, што і традыцыйныя папяровыя эквіваленты.

Таццяна Ускова, прэс-сакратар НЦЭП