fbpx
НЦЭП – за дасягненне Мэтаў устойлівага развіцця ў Беларусі

НЦЭП – за дасягненне Мэтаў устойлівага развіцця ў Беларусі

23-24 кастрычніка ў Мінску праходзяць Нацыянальныя кансультацыі наконт прыярытэтаў Рамачнай праграмы супрацоўніцтва ААН і Рэспублікі Беларусь у сферы ўстойлівага развіцця на 2021-2025 гады. Паводле індэксу прагрэсу па дасягненню Мэтаў устойлівага развіцця Беларусь займае 23-е месца ў рэйтынгу сярод 162 дзяржаў і з’яўляецца лідэрам у рэгіёне па дасягненню Мэтаў.

Да цяперашняга часу ў якасці базавага дакумента супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ААН выступала Рамачная праграма ААН па аказанні дапамогі Рэспубліцы Беларусь у мэтах развіцця. Былі распрацаваны і рэалізоўваліся дзве праграмы: на 2011-2015 і 2016-2020 гады. У сувязі з рэфармаваннем сістэмы развіцця ААН Рамачная праграма была пераарыентаваная на аказанне дзяржавам садзейнічання, у першую чаргу, у галіне дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця. Новы праграмны дакумент ААН для Беларусі на 2021-2025 гады, які абмяркоўваецца падчас Нацыянальных кансультацый, павінен быць падрыхтаваны ў пачатку 2020 года.

Нацыянальныя кансультацыі – гэта магчымасць ацаніць пройдзены шлях і выйсці на новы ўзровень супрацоўніцтва. Агенцтва сістэмы ААН і нацыянальныя эксперты абмяркоўваюць прыярытэты дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця па чатырох напрамках: устойлівы рост, арыентацыі на будучыя пакаленні, лічбавыя трансфармацыі і сацыяльныя інавацыі, гендэрная роўнасць.

У рамках Нацыянальных кансультацый супрацоўнікі НЦЭП прынялі ўдзел у працы тэматычнай групы “Лічбавыя трансфармацыі і сацыяльныя інавацыі” з прапановамі па акцэнтаванні і далейшым паглыбленні тым электроннага кіравання, цыфравізацыі эканомікі ў Рамачнай праграме супрацоўніцтва ААН і Рэспублікі Беларусь да 2025 года.