Вясна - выдатны час для падарожжаў. Стомленая ад доўгай зімы, уся наша існасць патрабуе абнаўлення - душэўнага, цялеснага, эмацыйнага. А што яшчэ здольна так страсянуць і да краёў напоўніць новымі ўражаннямі, як не падарожжа? Таму ў НЦЭП у рамках першаснай прафсаюзнай арганізацыі было вырашана арганізаваць ваяж з курсам на загадкавую Венгрыю і яе галоўную жамчужыну - Будапешт.
Будапешт заслужана адносяць да ліку самых прыгожых гарадоў свету, які велічны Дунай дзеліць на дзве часткі: на заходнім беразе ў цені дрэў і бляску рэстаўрацый застаецца узгорыстая Буда, на ўсходнім горда стаіць грандыёзны Пешт. Дарэчы, панарама цэнтральнай частцы горада з выглядам на Дунай занесена ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Сталіца Венгрыі з'яўляецца адзіным у свеце горадам, у якім знаходзіцца больш за 120 тэрмальных крыніц, некаторыя з купалень наведалі і нашы турысты. У насычанай праграме знаходжання таксама вячэрняя прагулка на цеплаходзе па Дунаі, пешыя праменады па гандлёвых вуліцах, плошчах, востраву Маргіт, узняцце на гару Геллерт на фунікулёры, адкуль адкрываецца найпрыгажэйшы від на вячэрні горад, дэгустацыя знакамітага венгерскага гуляшу і такайскага віна. Упрыгожаннем тура стала наведванне утульнага барочнага гарадка Эгер - сусветна вядомага вінаробнага рэгіёну.
Такім чынам, нашы адважныя заваёўнікі Венгрыі самі апынуліся заваяванымі яе веліччу, самабытнасцю, выгодай і цяплом. Несумненна, гэта адно з тых месцаў, куды захочацца вярнуцца зноў.